"Urban Vision/Гарадскія Візіі Анны Драпеза" Персанальная выстава фатаграфіі Анны Драпеза


Адкрыццё выставы 02/07/2011 а 14.00.

Падчас адкрыцця выставы сучаснага "урбаністычнага" мастацтва "Urban Vision/Гарадскія Візіі Ганны Драпеза" плануецца выступ музычных праектаў "урбанічтычнай" электроннай музыкі "Karaoke Vomit" і "Aortha".

Праезд з Менску: электрацыяй на Маладзечна/Аляхновічы/Беларусь да ст. Беларусь 10-09, 10-40, 11-20, 12-10, 12-40, 13-06, 13-37, 14-22; маршрутка да Заслаўя/Радашкавіч/Краснага ад крамы Аксіс (на вакзале) да Заслаўя да прыпынку "Выканкам".

Гісторыка-культурнага музей-запаведнік "Заслаўе" працуе штодня з 9.00 да 17.00, акрамя панядзелка.
Тэл. 017-5441152
e-mail: zaslaue@tut.by
http://www.zaslaue.by/

Вядома, што весці гаворку пра мастацтва даволі складана. Часам здаецца, што нават у літаратурнай форме яно існуе ў сваім уласнымі свеце, па-за дасягальнасцю сацыяльнага дыскурсу, не кажучы ўжо пра невербальнае мастацтва, такое, як жывапіс, скульптура, музыка. Аднак пра мастацтва не толькі складана прамаўляць: падаецца, што гэта рабіць зусім не абавязкова. Яно прамаўляе, як прынята казаць, само за сябе... "Усе жадаюць разумець мастацтва, – пісаў Пікаса, – дык чаму ж не паспрабаваць зразумець спевы птушак? ... Людзі, якія спрабуюць вытлумачыць карціны, у большасці выпадкаў ідуць па няправільным следзе."
Пасля размоваў пра мастацтва сентэнцыя "пра што нельга прамаўляць, пра тое варта маўчаць" падаецца досыць прывабнай дактрынай. Аднак наўрад ці хтось, за выключэннем сапраўды абыякавых людзей, здолее захаваць маўчанне, улучаючы і мастакоў. Наадварот, успрыняцце чагось важкага як у канкрэтных работах, гэтак і ў мастацтве наогул, вымушае людзей прамаўляць (і пісаць) пра іх бесперапынна: "Штосьці, настолькі важкае для нас, не можа быць пакінутым проста так купацца ў сваёй чыстай значнасці, і таму мы апісваем, аналізуем, параўноўваем, судзім і класіфікуем; мы ствараем тэорыі пра творчасць, форму і ўспрыняцце; мы характарызуем мастацтва як мову, структуру, сістэму, дзею, сімвал, мадэль перажывання; мы шукаем навуковыя, духоўныя, тэхналагічныя і палітычныя метафары; і калі ўсё гэта не спрацоўвае, мы сплятаем цёмныя, невыразныя словы разам і спадзяемся, што хтось іншы растлумачыць іх нам. Відавочная марнасць размоваў пра мастацтва, здаецца, ідзе поруч з унутранай патрэбай прамаўляць яго бясконца," – піша Кліфард Гірц. Рамесніцкі падыход да мастацтва, прааналізаваны Кліфардам Гірцам, быў уласцівы не толькі мадэрнаснаму Захаду, але менавіта ў наш час у Заходніх краінах з'явілася перакананне пра тое, што тэхнічны ці, больш, тэхналагічны разгляд мастацтва дастатковы дзеля ягонага разумення. Асабліва часта такі падыход можна назіраць пры аналізе фотамастацтва як аднаго з найбольш "рамесніцкага" праз ягоную большую, чым дзесь яшчэ, залежнасць ад тэхнічных/тэхналагічных бакоў.
У выставе мае быць зроблена спроба правесці аналіз/разгляд мастацтва на прыкладзе намадычнага праекту Ганны Драпеза як пэўнай мадэлі сацыяльнай актыўнасці: прадстаўленыя фотаработы ілюструюць/упісваюць намаду-мастачку ў, здаецца, разрозненыя пікселі сацыяльнай прасторы. Але насамрэч гэтыя пікселі ў работах Ганны Драпеза складаюцца ў адзіную карціну сучаснага сусвету і дэманструюць традыцыйную ўпісанасць беларускай культуры ў еўрапейскі кантэкст. Работы дэманструюць адназанчныя паралелі ў гарадской прасторы беларускага мястэчка, прыморскага курорту і сярэднеўерапейскага гораду: Заслаўе, Мюнхен, Талін, Рыга, Коўна, Хельсінкі, Прага, Лондан... Беларусь, Нямеччына, Эстонія, Латвія, Швецыя...
У сувязі з гэтым паўстае пытанне, якое месца сярод іншых сфераў актыўнасці будзёнага жыцця займае (фота)мастацтва. І пры гэтым надзвычай важна ўлічваць беларускія асаблівасці, бо значэнне мясцовага мастацтва – асабліва ў кантэксце "ўпісвання" яго ў геаграфічна больш шырокі кантэкст – у розных культурных традыцыях даволі розніцца (нягледзячы на, здавалася б, усеагульную сілу эмацыйнага ўздзеяння). Чалавек не існуе аўтаномна і ў творах (фота)мастакоў мы можам таксама пабачыць сляды іх эпохі і весці гаворку пра сучаснае для іх грамадства.

Анна Драпеза (нар. 10/08/1974, г. Мінск, Беларусь)

2010 Выстава "Маё жыццё і вандроўкі з Таццянай Заміроўскай"
2010 Сумесны выставачны праект "Месяцавыя асацыяцыі для тых, хто ніколі не бачыў месяц" (Мінск)
2009 Удзел у фатапраекце "Чыннікі гарадскога картаграфавання: досвед flaneuse?" (Мінск, Вільня)
2006 Сумесны выставачны праект "Nova top 40" (Мінск)
2005 Персанальная выстава ў Галерэі Nova "Анна ў гарадах" (Мінск)
2003 Выніковая выстава Першага адкрытага рэспубліканскага фатаконкурса "Профотаарт-2002" (Мінск)

81