Выстава "БЯСЦЭННЫ ДАР ПРЫРОДЫ. ДРЭВА"


Дрэваапрацоўчыя рамёствы найбольш старажытныя. Яны ўзніклі на пачатку чалавечай гісторыі разам з вырабам прымітыўных прылад працы. У кожную археалагічную эпоху дрэва побач з каменем, косцю, пазней жалезам было найважнейшым матэрыялам для вырабу прадметаў ужытку, зброі, разнастайных прылад. Мэтанакіраваная дрэваапрацоўка (пляценне, адсяканне, расколванне, выдзёўбванне, заточка) вядома з часоў палеаліту.
Як у старажытныя часы, так і цяпер роля дрэва ў жыцці чалавека вельмі вялікая, пераацаніць яе немагчыма. Трэба адзначыць, што дрэва – адзіны з усіх прыродных рэсурсаў, які нязменна папаўняецца.
Дрэва – матэрыял, які выкарыстоўваўся беларусамі здаўна. Драўніна прыгожая сама па сабе. Яе малюнак, колер, водар непаўторныя. Трапіўшы ў рукі сапраўднага майстра, яна набывае другое жыццё. Рэчы, якія прадстаўлены на выставе – яркія сведкі таленавітасці нашых продкаў.
На Беларусі, багатай лесам, дрэва ўжывалася для пабудовы жылля, вырабу мэблі, прылад працы, транспартных сродкаў, посуду. Такі вялікі дыяпазон вырабаў з дрэва выклікаў і даволі вялікую разнастайнасць спосабаў яго апрацоўкі: выдзёўбванне, тачэнне, разьба, свідраванне, выпальванне і г.д. Таксама шырока было распаўсюджана пляценне з лазы, лыка, карэньчыкаў дрэваў, бяросты (вядома з неаліту).
Выстава "Дрэваапрацоўка" прапаноўвае пазнаёміцца з вырабамі беларускіх народных майстроў канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя. На ёй прадстаўлены рэчы ўтылітарныя і мастацкія з калекцый "Абсталяванне жылля", "Прылады працы" і "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" з фондаў ГКМЗ "Заслаўе". Сабраныя артэфакты дазваляюць прадэманстраваць прадметы, якія выкананы ў рознай тэхніцы. Выстава складаецца з раздзелаў: даўбёжнае рамяство, пляценне, бондарства. Разьба па дрэву прадстаўлена работамі самадзейнага беларускага майстра Апалінарыя Пупко і іншых майстроў.
Прадметы мэблі дэманструюць спосабы апрацоўкі дрэва на такарным станку і гнуццё парам. На выстаўцы прадстаўлены легендарны прадмет мэблі – венскае крэсла. У 1858 годзе М. Тонет запускае ў вытворчасць "Крэсла № 14" – гэта празаічная назва была дадзена мадэлі, якая стала самай папулярнай і зрабілася сінонімам "Венскага крэсла".
Выстава "БЯСЦЭННЫ ДАР ПРЫРОДЫ. ДРЭВА" дазваляе яшчэ раз пераканацца, што нашы продкі стварылі неацэнную мастацкую спадчыну, ва ўзорах якой прасочваюцца шматвяковыя, а то і тысячагадовыя традыцыі.

212