"Беларускае Дэвіянтнае Сучаснае Мастацтва"


7 красавіка а 14.00 у памяшканні музейна-выставачнага комплексу Гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе) мае адбыцца адкрыццё ІІ выстава серыі "Этнаграфія гарадскога мастацтва" - "Беларускае Дэвіянтнае Сучаснае Мастацтва".
У адкрыцці маюць узяць удзел мастакі-аўтары работ, удзельнікі шэрагу беларускіх і замежных выставаў, пленэраў дэвіянтанага мастацтва Генадзь Грышэль, Міша Буліч, Андрэй Рэўтовіч, Канстанцін Ладошкін.

Мадэрнасць вызначаецца стварэннем асаблівага гарадскога рэжыму, які заключаецца ў памкненні да прымусовага распаўсюджвання сімвалічнай улады гораду. Вынікаюць новыя сацыяльныя практыкі, іх новае разуменне, новае месца, значэнне і рэфлексія адносна гэтага.
Асаблівасцю гэтага былі распаўсюджванне сацыяльнага кантролю і, перад усім, самакантролю адносна норм паводзін асобы ў мастацтве. Узнікаюць пэўныя правілы, якія падзяляюць арт-прастору на публічную і прыватную, прыймальную і не-прыймальную. Паўстае не толькі ўзрослая роля "прыстойных паводзін" а, перад усім, "прыстойнага прадукту", прыдатнага да мастацкага экспанавання: адбываецца штампоўка прыстойнага і ізаляцыя не-прыстойнага.
Дзеля ажыццяўлення гэтага ўладзе пры стварэнні максімальна карыснага і мінімальна выдаткавага індывіда патрэбныя пэўныя інстытуцыі дысцыплінавання. Неабходна, каб дадзенага кшталту ўстановы суправаджалі чалавека цягам усяго жыцця: школа, армія, фабрыка, псіхіятрычная клініка. І менавіта гэтыя месцы і ўтвараюць сучасную культуру гарадской публічнай прасторы.
Будучы плёнам гарадской культуры, псіхіятрычная клініка выводзіцца па-за горад; пры гэтым яна застаецца семіятычным маркерам, уласцівым выключна урбанізаванаму грамадству. Не толькі з'яўленне клінікі непасрэдным чынам звязанае з горадам, але і ўласна з'яўленне дэвіянтнага мастацтва – мастацтва аўстайдараў, – мажлівае выключна ў кантэксце ўрбаністычнай культуры. Дэвіянтане мастацтва з'яўляецца ўнікальным прыкладам рэалізацыі схаванага неўсвядомленага без ego-кантролю. Голас набывае той, хто яго не меў – квазі-дысцыплінаваны вобраз увасабляецца ў свабоднай і эмацыйнай творчасці "мастакоў", якіх за мастакоў большасць не лічыць.
На сённяшні дзень экспанаванне дэвіянтнага мастацтва стала "легальнай" і самастойнай з'явай у арт-практыках самых розных музеяў, салонаў і галерэяў свету. Рады прапанаваць вам праект, спецыяльна падрыхтаваны мастакамі да выставы.

Выстава мае доўжыцца па 6 траўня 2012 г.

121