Выставачны праект "EXIT-І"


18 траўня 2012 г. а 17.00 у памяшканні музейна-выставачнага комплексу ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе) мае адбыцца адкрыццё выставачнага праекта "EXIT-І".
Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" і Інстытут імя Гётэ ў Мінску прэзентуюць мастацкі праект, які ўяўляе рэфлексію на нямецкія кінатэксты пачатку ХХ ст. і адначасова з'яўляецца сацыяльнай і культурніцкай рэфлексіяй на тэмы, якія былі паднятыя ў нямецкім экспрэсіянізме і актуальныя і дагэтуль: страх, трагічнасць ва ўзаемадзеянні чалавека і асяроддзя.

Мастацкі праект "EXIT-І" – выйсце ў прастору страхаў і цёмных бакоў асобнага чалавека і грамадства.

"Метропаліс", "Рукі Орлака", "Кабінет доктара Калігары" і "Насферату – Сімфонія вусцішу" – чатыры класічныя нямецкія кінастужкі эпохі экспрэсіянізму, якія былі прапанаваныя мастакам у якасці матэрыялу для даследавання.

Прадстаўленыя на выставе жывапісныя і аб’ектныя інсталяцыі дэманструюць розныя мадэлі ўзаемадзеяння мастакоў з фільмамі: ад работы з візуальным бокам, спробаў перакласці яго на сучасную мастацкую мову да канцэптуальнай работы з тэмамі і персанажамі.

У гэтым праекце тэмы і матывы нямецкага кінаэкспрэсіянізму выходзяць са сваёй архаічнай, звыклай для нас формы і праз гэта набываць новыя сэнсавыя адценні. З іншага боку, кінаматэрыял, які так адкрыта і непасрэдна падымае "няўтульныя" тэмы, мастакі выкарыстоўваюць як выйсце ў прастору нашых уласных страхаў.

У праекце прадстаўлены работы беларускіх мастакоў Аляксандра Барташэвіча, Міхаіла Гуліна, Таццяны Кандраценка, Зоі Луцэвіч, Вольгі Сазыкінай і Антаніны Слабодчыкавай.

Куратары праекта: Ірына Герасімовіч, Генадзь Сівохін.

Выстава працуе па 10 чэрвеня 2012 г.

46