Песня металу


З 5 чэрвеня па 3 жніўня ў музейна-выставачным комплексе (вул. Рынкавая, 4) музея-запаведніка дзейнічае выстава мастацкай коўкі Аляксандра Юр'евіча Кісялёва. Аснову выставы складаюць вырабы рамесніка-каваля Аляксандра Кісялёва, дадаткова ўзбагачаюць яе асаблівым каларытам жывапісныя работы мастакоў – партрэт гаспадара выствы пэндзля Мікалая Апанасавіча Апіёка, а таксама – краявіды пэндзля Валерыя Сцяпанавіча Юзвука, большасць з якіх адлюстроўвае прыгажосць прыроды ваколіц Заслаўя.

Кожная праца Аляксандра Кісялёва — увасабленне таленту, пошуку, няўрымслівай думкі майстра. Ідэі спадар Аляксандр бярэ са сваёй фантазіі, з Інтэрнэту ды іншых крыніц. Сыравінай выступаюць самыя разнастайныя прадметы: старыя сякеры ды падковы, гайкі, балты, падшыпнікі ды іншае. Калі маеце нешта такое ў наяўнасці ў якасці непатрэбшчыны, якая загрувашчвае прастору, прыносьце, калі ласка, нам у музей – перададзім гэта майстру на новыя творы-ўвасабленні. Такім чынам, Вы дапаможаце творчаму працэсу і вызваліцеся ад непатрэбнага.

Аляксандр Кісялёў – асоба мнагагранная: апрача коўкі арыгінальных прадметаў з металу ён яшчэ захапляецца і іншым “металам”, а менавіта рокам і сам для душы выконвае час ад часу рок-кампазіцыі на электрагітары. Ва ўмелых руках каваля метал звонкі, меладычны, ён літаральна “спявае”. Гэта, ва ўсіх сэнсах, – натуральная “песня металу”. Шчыра запрашаем Вас на выставу, каб убачыць на ўласныя вочы ўвасабленні думак-вобразаў майстра ў метале і ўласна адчуць тую “песню”. Завітвайце, калі ласка!

252