Маляваны рай


Нашы продкі жылі ў адзінстве з прыродай, у адзінстве з зямлёй, якая для іх азначала жыццё і багацце, веру ў будучыню пакаленняў. Шмат яны працавалі фізічна, нашмат болей, чым мы цяпер, каб забяспечыць сябе ўсім неабходным. Большасць сем’яў жыла небагата, па-просту – людзі не раскашавалі, карысталіся ў побыце прадметамі з прыродных матэрыялаў: дрэва, лазы, бяросты, лёну, гліны. Вядома, што прадметы са срэбра і золата, карціны былі недаступнымі для большасці нашых продкаў, ды і не цягнуліся за імі простыя людзі, бо ведалі, што не ў золаце шчасце. Аднак, прыгажосць іх усё адно вабіла, увасабленне гэтай прыгажосці можна пабачыць у звычайных прадметах, што суправаджалі штодзённасць людзей: у формах посуду і яго ўпрыгажэнні, у ўзорах тканага адзення, прылад працы.

А чым жа замясціць карціны, калі душа хоча прыгажосці, нейкай запаветнай дасканаласці? Праблему гэту сваім узнікненнем развязала “маляванка” або маляваны дыван. Маляванкі, часцей за ўсё, уяўлялі сабой пакрытыя спецыяльнай асновай дываны, якія размалёўваліся фарбамі. Звычайна стваралі іх мастакі-самавукі, але часам здараліся і выключэнні, калі гэтым займаліся прафесійныя мастакі. Сюжэты дываноў былі разнастайнымі: на іх можна пабачыць замкі, палацы, вазы, казачных персанажаў, закаханыя пары, звяроў, выявы іншага кшталту. Часта такія дываны ствараліся ў падарунак да якогасьці вялікага свята, нярэдка – менавіта падарункам маладым да вяселля. У большасці выпадкаў мастакі-самавукі бралі аплатай за свае паслугі харчы (ежу), часам – грошы, атрымлівалі часовы прытулак у тых сем’ях, для якіх размалёўвалі дываны.  

Першапачаткова, у першай палове ХХ ст., маляваныя дываны ствараліся пераважна ўручную, затым, з другой паловы ХХ ст., быў запушчаны прамысловы (фабрычны выраб) такіх дываноў, што сведчыць аб шырокай распаўсюджанасці з’явы і яе запатрабаванасці ў грамадстве. Маляваны дыван упрыгожваў просты інтэр’ер сялянскай хаты, выступаў у якасці яскравай “кропелькі” мастацтва, хай сабе і даволі простага кшталту, але, тым не меней, самабытнага і адметнага. “Маляванкі” ўвасаблялі сабой мару аб прыгажосці, былі пэўнай кропкай эстытычнага выхавання людзей, давалі магчымасць хоць і крыху, але адарвацца ад клопатаў паўсядзённасці, зірнуўшы на цуды, паказаныя на іх, трапіць на імгненне ў думках у іншы свет.

Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, своечасова выявіўшы значную каштоўнасць маляванага дывана для беларускай культуры, сабраў найбольшую калекцыю “маляванак” у Беларусі. Дыяментамі ў іх асяродку выступаюць працы мастака-прафесіянала Язэпа Драздовіча і аматаркі мастацтва Алены Кіш. Шэраг арыгінальных дываноў з фондаў музея-запаведніка будзе прадэманстраваны на новай выставе, якая пачне сваю працу 23 лістапада ў музейна-выставачным комплексе (вул. Рынкавая, 4, г. Заслаўе). Шчыра запрашаем у госці, адкрыем загадку беларускай “маляванкі” разам!

13