«Падарожжы па вялікім свеце Хвядоса Шынклера. Постлітаратурныя нататкі пра слыннага земляка» Мемарыяльны праект да 120-х угодак з нараджэння ў Заслаўі Хвядоса Шынклера


Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Музей гісторыі Беларускай чыгункі Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі БЧ
Мінскі абласны краязнаўчы музей

 

Мемарыяльны праект да 120-х угодак з нараджэння ў Заслаўі Хвядоса Шынклера

У калейцы акцый да Дня горада Заслаўя–2023

Падарожжы па вялікім свеце Хвядоса Шынклера.

Постлітаратурныя нататкі пра слыннага земляка

 

З 22 жніўня 2023

 

Музейна-выставачны комплекс Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”

 

Трошку ж дала свету зямля Заслаўская слынных сыноў ды дачок… Трошку дала дый, на жаль, менш захавала ў сваёй калысцы. Заслаўская зямля багатая на людзей простых — руплівых, шчырых, працавітых. Яны штодня тут і зараз дбаюць пра свой закуток — закуток старажытны, са сваёй гісторыяй і сваёй непаўторнай будучыняй. Пра сваёй Заслаўскае княства ды пра сваё Заслаўскае графства…

Прыгадаць хаця б тых-сіх з роду Пшаздзецкіх (праўда, больш правільна было б Праздзецкіх, але ж… Такая ўжо склалася традыцыя…). Ці таго ж заслаўскага Авіцэну — Уладзіміра Марзона, 70-я ўгодкі з адыходу якога мы маем памянуць налета, — які нарадзіўся ў нашым мястэчку, але праславіўся ў Бабруйску – Віцебску – Мінску…

Альбо другі рэктар Белдзяржуніверсітэту і правадзейны сябра Інбелкульта Язэп Каранеўскі, які таксама быў народжаны ў Заслаўі. Але ж зорка ягоная зырка заззяла ў Мінску, а свой скон ён знайшоў у Маскве, дзе навала сталінскіх рэпрэсій яго ўздагнала ў 1937 годзе…

Былі і тыя, што пакідалі родныя “графскія абшары”. Пакідалі яны мілыя хацінкі ды выпраўляліся ў сваё ўласнае падарожжа — у Вялікі Свет па шчасце і долю. Шмат хто з іх не былі з тубыльцаў. Чыгунка ішла цераз Заслаўе — прывозіла людзей, увозіла… Пад грукат цягнікоў… Сям’я таго ж Марзона — ракаўскія месцічы, якія па дарозе ў Мінск толькі пэўны час прыпыніліся ў нашым мястэчку. А Пшаздзецкія — старадаўні польскі шляхецкі род, які ўладарыў мястэчкам і ваколіцамі не так і доўга — усяго каля 100 гадоў. Хаця напамінкамі пра графаў прасякнутыя і дагэтуль усе вулкі ды завулкі былых мястэчка Заслаўя з маёнткам Заслаў.

Такім жаж “тубыльцам” быў і Хвядос Шынклер, які пад грукат цягнікоў нарадзіўся ў мястэчку 22 верасня 1903 года. Дакладней, не ў самім мястэчку, а, як пазначанае было ў ягоных дакументах, на станцыі Ізяслаў — ягоны бацька рабіў чыгуначнікам. Таму таго праз кароткі час перавялі на станцыю Рудзенск, куды і выправіўся з жонкай і малым сынам.

Малады Хвядос рана праявіў любоў ды здольнасць да творчай работы. І, хаця свой працоўны шлях пачаў тэлеграфістым на чыгунцы (дый і далей змушаны быў перыядычна працаваць не па “літаратурным профілі”), — усяго сябе ён прысвяціў менавіта літаратуры і… І даў рады…

Працаваў журналістым, перакладчыкам, сцэнарыстым, і, галоўнае, пісаў сваю ўласную прозу.

Каб пракарміць сям’ю ў цяжкую гадзіну Другой сусветнай вайны пісьменнік вымушаны быў вярнуцца да першай працы. А пасля наогул пайшоў добраахвотнікам…

Але ж ніколі ані праца тэлеграфістым, ані работа ў клубе ці бібліятэцы, ні вайсковая служба не змаглі стрымаць творчага парыву маладога заслаўца — Хвядос пісаў-пісаў-пісаў. Быццам пад грукат тых самых цягнікоў…

Першы беларускі ўрбаністычны пісьменнік. Ягоныя творы прасякнутыя пасмакам індастрыялу. Заводы, гарады і чыгунка — якую ён так добра ведаў, на якой ён нарадзіўся…

Другая сусветная вайна, эвакуацыя, праца, растанне з жонкай і дзецьмі і сыход у армію і… І пісьмо, пісьмо, пісьмо… Быццам пад грукат тых самых цягнікоў…

Лісты жонцы, у якіх Хвядос сварыўся, што тая дасылае прыхаваныя ў пасылках “сюрпрызы” — прадукты. Тлумачыў, што ў войску кормяць сыта, лепш, чым дзе… Чаго не напішаш, каб каханая з дзецьмі менш галадавалі і хаця б трошку пад’елі самі. І перасылаў ім грошы — усе, якія мог даслаць, усе, што заставаліся з невялікага салдацкага “жалавання”, а яшчэ ж трэба было з таго самага жалавання заплаціць і за ўласны “сыты” армейскі паёк… Сварыўся з жонкай, каб не дасылала яму прадуктаў — пераконваў, абы самі елі!

Адсылаў ёй са сваёй галечай армейскай зарплаткі ўсё, што мог і вельмі-вельмі пераймаўся дзеткамі: ці дагледжаныя, ці накормленыя, ці гадуюцца людзьмі?..

Ваяваў, але ж… Але ж увесь час думаў пра сям’ю, пра родных і блізкі, пра сяброў і… і пра літаратуру… І пісаў — быццам пад грукат…

Шынклер пісаў нават у самыя галодныя часы эвакуацыі, у вайсковых трэніровачных лагерах і на шпітальным ложку… Пісаў апантана і натхнёна… Пісаў з натуры — з шалёнай сквапнасцю фіксуючы ў сваіх нататках рэальныя вобразы і абліччы, дзеі і ўчынкі… Натуючы сапраўднае жыццё… Шалёна, як і ў мірны час, — пад грукат…

Пад грукат цягнікоў…

Астатняя ягоная кніга — “Пульс жыцця”, — выйшла з друку ўжо пасля смерці Хвядоса.

Хвядос Шынклер загінуў…
Першы ўрбаністычны і індустрыяльны беларускі пісьменнік…
Перакладнік…
Драматург…
Літаратар…
Заславец…

1604