...ЗВЫЧАЙНЫМ ВОКАМ. Фотанарысы вандровак па незвычайнаму Заслаўю, зробленыя звычайнымі заслаўцамі. Ч. І. Кальвінскі збор вачыма Таццяны Ласкі


...ЗВЫЧАЙНЫМ ВОКАМ

Фотанарысы вандровак па незвычайнаму Заслаўю, зробленыя звычайнымі заслаўцамі

Ч. І. Кальвінскі збор вачыма Таццяны Ласкі

Для ўсіх заслаўцоў дый бадай і для ўсіх мінакоў-турыстаў старадаўняе мястэчка Заслаўе — гэта сцяжыны-вандроўкі па маршрутах, адзначаных на ўсіх турыстычных мапах, гайдах ды даведніках: Валы, Кальвінскі збор, Рынкавая плошча, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, Замачак, экспазіцыя “Кузня” ды этнаграфічны комплекс “Млын”…

Вядома, ёсць і непараднае нетурыстычнае Заслаўе… Газаправод, местачковыя прамзоны, сельскія Дзехнаўка ды Кладачкі, дый самі вакольныя вёсачкі, што прыляпіліся да мястэчка бы крылы-флігеля…

Але ўсё адно, усе вяртаюцца да тых пунктаў, з якіх пачалося Заслаўе і адкуль дагэтуль вее гісторыяй, тут яны вандруюць па тых сцяжынках памяці, блукаюць…

Там адпачываюць ды там жаж і весяляцца-гуляюць. Там робяць сэлфі і фотазамлёўкі, якія пазней выкладаюць у сацыяльныя сеткі, дасылаюць адно аднаму на пошту, публікуюць на сайтах… Цяпер тое заліваюць на сваіх старонках у сеціве, а раней — яшчэ за аналагавымі часамі, — фатаграфіі друкавалі ды падклейвалі ў фотаальбомы. Такіх фота — з тымі ж самымі краявідамі, — багата ў сямейных зборах не толькі заслаўцоў. Усе госці мястэчка, што мелі фотаапараты, пакідалі сабе на памяць іх…

Заслаўская мастачка і фатографка Таццяна Ласка — адна з закаханых у нашае мястэчка. Нарадзілася ў далёкай вёсцы Карповічы з-пад Глуску, што на Магілёўшчыне, але шмат гадоў ужо жыве тут. Жыве ў любові да места. І часта яна фіксуе яго краявіды ў сваіх фотазамалёўках. І адное з улюбёных ёй месцаў фотанарысаў — гэта Валы з Кальвінскім зборам.

Прапаноўваем Вам глянуць на заслаўскае незвычайнае хараство вокам саміх заслаўцоў, вокам пані Таццяны — перад усім звычайнай заслаўскай местачкоўкі.

Таццяна Ласка

Нарадзілася ў 1959.

З 1982 займаецца фатаграфіяй — скончыла факультэт грамадскіх прафесій Беларускага політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці фотакарэспандэнт.

Працуе ў тэхніцы акварэлі, пастэлі, мастацкага тэкстылю, творчай фатаграфіі.

Сябра Беларускага саюза мастакоў.

Удзельніца міжнародных, рэспубліканскіх выстаў і пленэраў.

Персанальныя выставы:

2002 — Архітэктурны комплекс XVI – XVIII стагоддзяў у Гальшанах, філіял Нацыянальнага мастацкага музея (а.г. Гальшаны, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл.).
2003 — Бібліятэка імя Л. Талстога (г. Мінск).
2006, 2007 — галерэя “Добрыя Мыслі” (г. Мінск).
2015 — Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўe”

664