Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”
Музей гісторыі медыцыны Беларусі
Бабруйскі краязнаўчы музей
Да Дня медычнага работніка Беларусі (16 чэрвеня 2024)
Да 130-х угодак з пабудовы ў Заслаўі медычнага комплексу (вул. Бялова, д. 5)
Да 70-й гадавіны з адыходу выбітнага лекара, ураджэнца Заслаўя Уладзіміра Марзона (19.11.1881–06.09.1954)
Рамбам з нашага мястэчка
фотадакументальны праект, прысвечаны гісторыі медыцыны г. Заслаўя
У рамках нізкі навукова-даследчых і адукацыйных праектаў “Этнаграфіка рэчавіду”
У чарадзе мерапрыемстваў да 80-х угодак вызвалення Беларусі і даследавання тэмы генацыду беларускага народу ў гады Другой сусветнай вайны
з 21 чэрвеня 2024
Уладзімір Марзон… Рамбам з нашага мястэчка…
Маленькі чалавек вялізнага памеру душы!
Бы той самы Рамбам, быў лекарам — лекарам выбітным, знакамітым, які свядома абраў шлях дапамогі людзям. А яшчэ ён быў і мысляром, актыўным неабыякавым чалавекам, адкрытым усяму свету і кожнаму, хто да яго звяртаўся. Бы той самы Рамбам…
Лёсу няпростага ды пакруцістага, але ж ад таго і шчырага — шмат чаго сам прайшоў у жыцці, шмат чаго сам зразумеў і адчуў, багата злога зведаў, яшчэ больш — добрага зрабіў.
Чаго вартая толькі гісторыя з ягонай унучатай пляменніцай, што засталася без бацькоў — тых рэпрэсавалі, — і якую доктар удачарыў, не збаяўшыся нікога і нічога…
Няма яго з намі ўжо 70 гадоў — 6 верасня 1954 адышоў , — а памяць пра яго жыве. Асабліва памятаюць пра яго ў Бацэвічах ды Бабруйску: у Бацэвічах — невялічкай вёсцы тады Бабруйскага павету, — малады лекар, які толькі што з адзнакай завершыў навучанне ў Юраўскім універсітэце ў Тарту, прыбыў на першае месца працы. Тут у 1911 ён пачаў свой медычны шлях:
“Уладзімір Восіпавіч адразу ж заняўся пашырэннем лякарні. З дапамогай пана Караля Станіслава Незабытоўскага, які аддаў для гэтага свае два драўляныя свірны, Марзон прыбудаваў да цаглянага двухпавярховага будынка драўляны корпус лякарні і абклаў яго цэглай. У гэтым жа годзе быў пабудаваны дом лекара. Такім чынам, шпіталь размясціўся ў трох будынках. Галоўны будынак — драўляны, абкладзены цэглай, на 10 ложкаў. Там жа знаходзілася кватэра фельчара і акушэркі з асобнымі ўваходамі, амбулаторыя з аптэкай і дзве невялікія запасныя палаты. Да будынка прымыкала двухпавярховая мураваная прыбудова, у якой змяшчалася аперацыйная, ванная, прыбіральня, а на другім паверсе — цэйхгауз (склад). Другі будынак — мураваны. У ім знаходзілася заразнае аддзяленне з 4 палат, пральня, лазня, ванны пакой, прыбіральня і вялікая парадная. Трэці будынак — драўляны, абкладзены цэглай. У ім знаходзілася кватэра лекара і невялікае памяшканне для другога фельчара…”.
І дагэтуль стаіць тая амбулаторыя ў Бацэвічах…
Памятаюць доктара Марзона і ў Бабруйску ды ўсёй Бабруйшчыне, якім малады амбітны лекар аддаў ладную частку жыцця ў да- і міжваенны час — ажна да 1934, з перапынкам на Першую сусветную. Не проста памятаюць, дагэтуль бабруйскія тубыльцы называюць Марзонаўкай тутэйшы шпіталь — нічога не засталося, як ў 2010 годзе яе так афіцыйна і назваць…
Памятаюць і ў Віцебску, у медінстытуце якога доктар працаваў з 1934 да пачатку вайны…
Не забыліся на яго ў Гомелі, дзе ва ўрадзе толькі што вызваленай знявечанай вайной краіны ён адраджаў медыцыну Беларусі.
Натуральна, памятае яго і Мінск… Памятае не фармальнай і афіцыёзнай памяццю выбітнага лекара, дырэктара Белдзяржінстытута ўдасканалення лекараў — цяпер нават Медычнай акадэміі, — ардэнаносца, прафесара, заслужанага дзеяча навукі, заслужанага лекара…
Памятае яго Мінск як доктара народнага — сапраўднага чалавечага лекара… Простыя людзі яго шанавалі пры жыцці, памятаюць яго і дагэтуль — чаго толькі вартае шматлюднае шэсце па галоўным мінскім праспекце ў дзень пахавання Марзона…
Але ж і ў нашым заслаўскім мястэчку пра не забыліся пра свайго месціча… Так, доктар Марзон не быў патомным заслаўцом, яго сям’я паходзіла з суседняга мястэчка Ракава, з роду тамтэйшых месцічаў. Тут ён толькі нарадзіўся ды пражыў першыя колькі гадоў. Пасля былі Койданава, Мінск, Бабруйск, Віцебск…
Але ж ці толькі нарадзіўся ён тут?..
Так, стала ён не жыў у Заслаўі, але ж цягам жыцця заўжды вяртаўся сюды — прафесаркія візіты ў местачковую лякарню дый раённы аддзел аховы здароўя дый дэпутацкія адведкі — а быў жаж ён дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР менавіта ад Заслаўя… Ці ж мала было тых “візітаў”?..
Памятаюць яго і тут…
І на выставе можна пабачыць тую памяць.
Пабачыць памяць пра доктара — пакручасты лёс нашага Рамбама з нашага мястэчка, — дый трошку і пра самое мястэчка і ягоных дактароў, пра гісторыю медыцыны Заслаўя…