Іншасвет традыцыі…
Выстава шматнітовых ручнікоў Святланы Еўдакіменка
Традыцыі і сучаснасць… Памятаецё, быў такі рэкламны слоган у 1990‑я…
Не проста слоган — цэлая канцэпцыя. Дый не проста канцэпцыя, а сапраўдны космас беларуса, які і на карані свае не забываецца, але і да будучыні шчыра шыбуе… Цэлы беларускі іншасвет традыцыі і надзённасць вакольнага свету — у аднэй фразе!
Гэта ўсё — такая шчырая спалучанасць традыцыі ды сучаснага, — пра Святлану Еўдакіменку. Святлана — майстарка-ткачыха. Тчэ яна на кроснах па адвечнай завядзёнцы ды па правілах старадаўніх. Як бабулі калісь ткалі. Сама тчэ, іншых навучае, паказвае, распавядае пра колішнюю традыцыю беларускага ткацтва.
Такія пекныя ручнікі ейныя рукі дбайна намотваюць на валікі кросенныя… Ткуць гісторыю, уплятаюць ніць паўз бёрды ў палатно сучаснае — на варштат яе песняй бабчынай ускручваюць. Наскія, белым па белым, пасля — чырвоным… Ну, хоць зараз іх у музей аддавай ці ва ўніверсітэт — маладзёнаў традыцыі вучыць.
Пані Святлана дбае пра свае традыцыі, пра спадчыну сям’і сваёй, пра памяць роду адвечную. Але ж яна — сучасная, гарадская… І жыве тут і сёння — і на свет вакольны глядзіць, і прыгажосці чужаніцаў не выракаецца. То сярод ейных твораў артавага тэкстылю можна шмат чаго цікавага — сучаснага! — знайсці. Ажна калі тое і аб захапленні чымсь новым, а ўсё адно ў традыцыі зробленае — на старадаўніх кроснах рукамі шчыруе. Песню прыгажосці беларускай традыцыі пяе яна ў сваіх шматнітовых ручніках.
Святлана Еўдакіменка выкладчыца Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, стыпендыятка Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
На экспазіцыі можна будзе пазнаёміцца не толькі з творамі сучаснай беларускай майстаркі Святланы Еўдакіменка, але і паглядзець — параўнаць! — сапраўдныя “этнаграфічныя” ручнікі з музейнага збору нашага Запаведніка.
Аўтарская экскурсія 23 лютага 2025. Рэгістрацыя тут