Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”
НІНА БОХАН.
УРАТАВАНЫЯ КРАСКІ…
Праект, прысвечаны наскім шчырым мастакам і мастачкам, а таксама людзям, якія захоўваюць памяць пра іх
Ніна Бохан…
Мастачка, якая раскідала па палях маляваных дываноў свае краскі. Па лужках ды палісадніках сваіх насценнікаў гадавала яна мілату бы садоўнік дбайны — сапраўдныя кветкі росціць…
Краскі бы жывыя. А на дрэўцы — пташачка. Дзівосныя звяры на ўзлеску. Зыркімі колерамі фарбаў на палатне даматканым ці на коўдры, на капе ці на прасціне стае перад намі далячынь краявідаў, што стварыла пані Ніна. Тут і родныя пагоркі з-пад Смаргоні, і дзікія львы на іх… А вакол — краскі родныя, што пышней за баракальныя багеты бы рамкай аздабляюць тыя карціны.
Такая пекная паненка, вельмі “гарадская” і заўжды з пурпурам усмешкі, зусім не падобная на суседак-вясковак ці на местачковых кабет, Ніна Бохан хадзіла па хацінках ды прапаноўвала свае цуды — цуды, што хавала яна ў невялічкай фанернай валізцы.
Заўжды з тэй валізкай вандравала мастачка. У ёй і няхітры скарб асабісты, і мастацкае начынне — пэндзлі з фарбамі, — ды цуды з дзівосамі. У валізцы тэй — краскі чароўныя, якія Ніна бы штукарка даставала і дарыла людзям…
Была яна трошку авантурыстая і зусім не трошку — сацыяльная аўтсайдарка… Аўтсайдарка, як і шмат якія мастакі дый як і шмат якія беларусы-адшуканцы праўды і прыгажосці свету вакольнага ці свету ўнутранага. Блукала па сцяжынках свайго жыцця з тэй валізкай, поўнай красак… І сама стала красачкай… Нават магілкі ейнай не засталося — толькі краскі Ніны Бохан, сапраўднай пані з пурпурам на вуснах…
І памяць пра мастачку засталася — дужа ж да сэрца прыйшліся тыя кветкі.
Памятаюць пра яе, збіраюць краскі нініны і руплівыя людзі, закаханыя ў шчырасць ейных дываноў. Ратуюць старыя насценнікі, захоўваюць іх. Памятаюць і пра саму пані Ніну, і пра ейны пакручасты лёс, і пра прыгажосць ейнага сусвету. Вывучаюць…
Углядаемся ў краскі на палотнах і радасна ўсміхаемся… Прыгожа ж… І згадваем Ніну. І дзякуем усім, хто прыклаўся да ратавання спадчыны смаргонскай мастачкі.
На часовай экспазіцыі “Ніна Бохан. Уратаваныя краскі…” прадстаўленыя маляваныя дываны і абразы з прыватных збораў Г. Антонавай-Падмосткі, А. Крукоўскага, З. Варпаховіч і Сінькоўскага дома культуры, І. Крэсла, Л. Сапач, Н. Дзеніс, а таксама партрэт Ніны Бохан мастачкі С. Наздрын-Платніцкай.
Усе дываны — без прыкрасы, натуральныя… Такія, якімі і знайшлі іх нашыя героі-збіральнікі — месцамі з плямамі фарбы, з дзюркамі і трошку рваныя, месцамі дэфармаваныя, са “слядамі побытавай рэстаўрацыі”. Адным словам, абсалютна такія, якія яны і былі in situ — якімі яны і віселі ў тых хацінках, у якіх іх адшукалі, — дываны без музейнай рэстаўрацыі, а ад гэтага яшчэ больш мілыя. Тут можна пабачыць іхны натуральны жыццёвы шлях… Як і кожны іншы прадмет, як і кожная жывая істота, якая калісь была маладая і поўная сілаў, дываны старэюць. Праз тыя надрывы-шнары можна пабачыць іхны лёс, у дзюрках ды латках — іхныя прыгоды… Іхнае сапраўднае жыццё…
Дываны без прыкрасы, але такія прыгожыя…
Адкрыццё праекта ў фармаце куратарскай экскурсіі-аповеда пра Ніну Бохан і пра дываны непаўторнай мастачкі з-пад Смаргоні мае адбыцца 6 сакавіка 2025 а 15/00 у музейна-выставачным комплексе Запаведніка (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе)
Больш пра Ніну Бохан можна даведацца тут