Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
Гісторыка-культурны музей-запаведнік „Заслаўе“
Я памятаю той дзень…
часовая экспазіцыя, прысвечаная сыну Якуба Коласа Юрку Міцкевічу
Свае…
Кроўныя-блізкія… Родзічы ды сваякі… Бацькі… Сёстры… Браты… Цёткі з дзядзькамі… Дзеці… Дачушкі ды сынулькі…
Усе свае…
Маці Ганна ды татка Міхал…
Браты Уладзя, Алесь ды Юзік з Міхасём… Сёстры Гануля, дзве Вікці, Міхаліна, Юзэфа, Алена ды Марыя…
Любая жонка Марыя…
І дзеці… Праменьчыкі бы пацалункі Бога, што пешчылі душу паэта сваімі ўсмешкамі… Даніла, Юрка ды Міхась…
Трое сыноў, тры зорачкі, якія бы знічкі, мусілі былі заззяць на небе коласавай душы…
Даніла з Міхасём — ззялі… Ззялі доўга і па-сапраўднаму… А Юркіна зорка згасла… Рана… Занадта рана апаліла яна сэрца бацькоў…
У той самы дзень, калі Вайна зайшла ў большасць беларускіх хатаў — 22 чэрвеня 1941 яна з новым, большым адчаем увайшлі і ў сям'ю Міцкевічаў…
Другі дзень вайны — той самы дзень, калі паэт Якуб Колас са сваёй жонкай Марыяй астатні раз пабачылі свайго сына Юрку… Пабачылі… Больш спаткацца не атрымалася — вусціш вайны разарваў сям'ю…
Больш Юрку ніхто з іх не бачыў… Яшчэ пэўны час ліставаліся, але хутка і тое шчасце ад блізкіх, што прыносіў кожны ліст — згасла. Юрка знік недзе на палях бязлітаснай вайны.
Верылі… Заўжды верылі… Не давалі рады журботным злым думках, што знік зусім, не згасала вера, што жывы і вернецца…
Не вярнуўся… Ніколі больш не пераступіў парог бацькоўскага дому.
Застаўся ў сэрцы, у вершах, у фатаграфіях… Застаўся ў душы бацькоў ды братоў, пляменнікаў з пляменніцамі, родных ды блізкіх… Але больш ўжо не вітаў іх сваім звонкім смехам-усмешкай на сямейных чаяваннях…
* * *
Другая сусветная вайна прынесла значныя страты і разбурэнні на беларускую зямлю. Трагічная старонка гісторыі, якая адбілася вострым болем у сэрцах многіх, закранула і сям'ю народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Сярэдні сын песняра Юрый Міцкевіч знік без вестак у першыя месяцы ваеннага ліхалецця.
Юрый Канстанцінавіч Міцкевіч нарадзіўся ў Пярмі ў 1917. Там у Слудскай царкве яго ахрысцілі па святцах Георгіем, але родныя яго называлі па-беларуску Юркам. Па прыездзе сям'і Якуба Коласа на Беларусь у 1921 Юрый вучыцца ў розных школах Мінска. Тыя, хто навучаўся з ім разам, цёплымі словамі ўспаміналі яго як вернага і надзейнага таварыша, чулага, сціплага і добразычлівага чалавека, добрага душой.
У 1935 Юрый Міцкевіч паступае на геолага-геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праз пэўны час факультэт быў ператвораны ў геаграфічны, які маладзён і скончыў у 1940. Пасля завяршэння навучання ва ўніверсітэце Юрку разам з іншымі выпускнікамі прызвалі на вайсковую службу ў 62-і артылерыйскі полк 8-й стралковай дывізіі. Частка размяшчалася ў невялікім мястэчку Ставіскі на Беласточчыне.
У чэрвені 1941 у Мінску пачаліся рэспубліканскія спаборніцтвы па стэндавай стральбе. У іх сярод іншых прымала ўдзел і каманда стралкоў Заходняй ваеннай акругі, у склад якой ўваходзіў і яфрэйтар Ю.К. Міцкевіч. Спаборніцтвы ішлі паспяхова, але… Раптам выбухнула вайна. 22 і 23 чэрвеня вайсковая камендатура патрабавала, каб Юрый Міцкевіч неадкладна вярнуўся ў сваю частку, але зрабіць гэта было ўжо немагчыма. 24 чэрвеня ён ідзе ў камендатуру. У гэты дзень Юрка назаўсёды развітваецца са сваёй сям'ёй.
Пачалася бамбёжка сталіцы. Бацькі і браты Юрыя ледзь выбраліся з палаючага Мінска, з цяжкасцямі дабраліся да Клязьмы, а пазней — да Ташкента. Толькі ў жніўні 1941 Юрка змог знайсці адрас сваёй сям'і праз роднага брата Марыі Дзмітраўны Міхаіла Каменскага. З ліставання з сынам Якуб Колас даведаўся пра лёс сяброў і знаёмых, уласнага дома, сваёй машыны “Chevrolet”… Даведаўся пра лёс сына, сувязь з якім пэўны час была абарваная.
Лісты з фронту былі напоўнены хваляваннямі і перажываннямі за сваіх родных. 30-га верасня 1941 Юрка адпраўляе свой апошні ліст. З гэтага часу ніякіх звестак пра сына бацькі не мелі. 28 снежня 1942 Якуб Колас звярнуўся да свайго сына Юркі па ўсесаюзным радыё, спадзеючыся атрымаць ад яго хоць якуюсь вестку. Аднак сын з вайны так і не вярнуўся…
У вызваленым Мінску на сваёй сядзібе Якуб Колас пасадзіў дрэвы, якія прысвяціў сямейнікам. Адзін з дубоў быў пасаджаны і ў гонар Юркі. Перажыванні аб лёсе сына паэт таксама перадаў у вершах, радках паэмы “Рыбакова хата”. Успаміны аб браце пакінулі і Даніла з Міхасём. Паэму “Апалены золак. Вяртанне Юркі Міцкевіча” прысвяціў сыну Якуба Коласа беларускі паэт Мікола Мятліцкі