Саламяны санцакруг – 2024

Саламяны санцакруг – 2024
Музейны фэст восеньскага сонца, маляванага неба, саломапляцення,
радасці свежага хлеба і местачковых палетак
13/00–17/00, 5 кастрычніка 2024, Этнаграфічны комплекс “Млын”, Заслаўе
 
Сонца ўжо на зіму пайшло… Пакровы хутка — зямлю снегам пакрые ды год завершыцца.
Збожжа з палетак прыбранае. Адно што палоска жыта засталася — недажалі барады… Да Пакроваў трэ’ паспець дажаць!
З таго астатняга жыта дый Сноп-Бабу паставім — каб на полі ўроду было налета, каб усё добра, па-боску, па-наску сталася. Скакаць будзем, музыку граць ды адно аднаму радавацца. Нават з далёкага Палесся завітаюць да нас музыкі — будзе свята сапраўдным. Дый жа на мясцовых музыкаў мы не забыліся.
Кірмаш зладзім! А на кірмаш наш заслаўскі рамеснікі местачковыя ды з ваколіц збяруцца. Ды што там з ваколіц — з усёй Беларусі — з Горадні, Салігорску, Фаніпалі… Без пакункаў ніхто не пойдзе дадому!
А які ж местачковы кірмаш без вясёлых забавак?! І батлейка ж, вядома, будзе — усе малечы  радаснымі ўсмешкамі напоўняць такі файны ды фантастмагарычны лялечны тэатр. А ’шчэ ж гульні будуць — і для малых, і для больш сталых — усіх абдымуць ды ахінуць пяшчотай весялосці нашыя сябры з інтэлектуальнымі забаўкамі.
А для дарослых сапраўдныя навукоўцы і лекцыі пра гісторыю ды традыцыі беларускія прачытаюць.
І пра саломку ж не забыліся — якое свята саламянага санцакругу без яе?.. Будзе! Будуць выставы — і з саломкі сонечнай, і з тканак мастацкіх, — пагледзямо! І майстры саламянай справы будуць, і майстар-класы.
Усім будзе асалода на нашым свяце! Нават унучка Якуба Коласа завітае — за філіжанкай духмянай гарбаты з заслаўскіх зёлак прыгадае жыццё свайго дзеда ды распавядзе незвычайныя цікавосткі пра яго.
 
А як дажнём жыта ды Пакровы адзначым, то’й вячоркі пачнём — танцы, скокі па хатах, варажыць будзем трошку ды на вяселлі рыхтавацца… Але тое ўжо пасля Пакроваў будзе…
 
Партнёрамі і ўдзельнікамі фэсту ў гэтым годзе выступаюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці
 
ПРАГРАМА
музейнага фэсту
“САЛАМЯНЫ САНЦАКРУГ – 2024”
 
13/00–17/00, 5 кастрычніка 2024, Этнаграфічны комплекс “Млын”, Заслаўе
 
РАМЕСНІЦКІ ПАДВОРАК
Саломка, пасціла, лаза, драўляныя шыльдачкі
Майстар-класы і дэманстрацыі
Лакацыя 1: ТАНОК
13.00 — адкрыццё фэсту
13.30–13.45 — выступ узорнага ансамбля песні і  танца “Зорачка“ пад кіраўніцтвам Алы Навіцкай Нацыянальнага центра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі
13.45 — этна-артакцыя па пляценню вяночкаў  з саломы ад АЛЕНЫ ГРЫНЬ  (г. Фаніпаль)
16.15–17.00 — выступ “VYTEKACHY“ (г. Брэст)
17.00 — закрыццё фэсту
Лакацыя 2: ЖЫТНЯЕ ПОЛЕ
13.10 — збор жыта на полі
13.10–13.30 — вязанне “Сноп-Бабы”
Лакацыя 3: ХАТА ЗАВОЗНІКАЎ
14.00–14.40 — майстар-клас па стварэнні васьміканцовай зоркі ад саломапляцельшчыцы НАТАЛЛІ КІРКО (г. Гродна)
15.30–16.15 — сустрэча з унучкай Я. Коласа “Вячоркі з Коласам”
Лакацыя 4: МЛЫН
14.00–14.30 — адкрыццё выставы мастацкай тканіны “Таямніцы вечнага вяртання” ТАЦЦЯНЫ ЛАСКІ
14.30–15.00 — “Забытыя асілкі зямлі  беларускай... ”. Прэзентацыя часовай экспазіцыі
15.05–15.35 — лекцыя “Хлеб у вясельнай і пахавальнай абраднасці  на Беларусі” КІРЫЛ ЛАТЫШАЎ
15.40–16.10 — лекцыя “Фотаздымкі ў  вясковым доме. Паміж аздабленнем і ўшанаваннем” СЯРГЕЙ ГРУНТОЎ
Лакацыя 5: СВІРАН
14.00–14.40 — батлеечныя спектаклі ад НАСТЫ МАЛЫШЧЫЦ
14.40–15.30 — музейны занятак пра Коласа ад літаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа
15.30–16.15 — збор на платную экскурсію  па комплексе
 
Цягам усяго фэсту працуюць выставачныя пляцоўкі з вырабамі з саломкі 
Усе ахвотныя могуць набыць рамесніцкія вырабы на рамесным падворку