ЗЯМЛЯ І КОСМАС ЮРАСЯ МАЛАША. Памяці самадзейнага мастака


Адкрыццё выставы 9 лістапада а 14.30.

У райскім садзе толькі дзень і ноч пажыць,
У райскім садзе летуценняў,
Дзе музыка чароўная гучыць
І вабіць асалодаю імгненняў.

Юрась Малаш, 2009

Юрась Малаш (1957–2011) мастак, гісторык, паэт, мастацтвазнаўца, навуковец. Нарадзіўся ў Мінску, скончыў Гістфак БДУ. Выкладаў гісторыю ў школе, быў супрацоўнікам Нацыянальнага архіва РБ. З 1989 па 2011 год працаваў у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Заслаўе".
Юрась Малаш – аўтар шэрага комплексных праграм і навуковых праектаў у галіне наіўнага мастацтва. У 2002 годзе распрацаваў канцэпцыю музея інсітнага мастацтва. Удзельнічаў у рэалізацыі наватарскага аўтарскага праекта "Маляваны рай беларусаў".
Аўтар і мастак дзясятка рукапісных кніг па гісторыі Заслаўя і наіўным мастацтве ("Покліч Рагнеды" (2001), "Заслаўе – мясцовасць святая-святых" (2002), "Дзівосны лубок" (2003), "Сусвет душою беларуса" (2003), "У райскім садзе Алены Кіш" (2005), "Жыватворная крыніца Язэпа Драздовіча" (2006), "Сказанне пра старажытны горад Ізяслаўль" (2007), "Мастацтва Казіміра Малевіча" (2007), "Прысяга беларуса" (2010), "Здабытак" (2010), "Стварэнне свету" (2010), "Маляваны рай" (2010) і інш.). Укладальнік і аўтар тэкстаў альбома "Патаемнае беларускіх мастакоў" (2004). Некаторыя рукапісныя кнігі захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Беларускім дзяржаўным архіве мастацтва і літаратуры.
Займаўся даследаваннем тэм "Беларускія маляваныя дываны", "Гісторыя Заслаўя 1917–1945", "Спадчына Язэпа Драздовіча". Аўтар выстаў "Зямля і космас Язэпа Драздовіча" (1999, 2008), "Беларускія маляваныя дываны" (2001, 2005), "Наіўны партрэт" (2003), "Патаемнае наіўных мастакоў" (2007) і інш. Аўтар артыкулаў для хроніка-дакументальнай кнігі "Памяць. Заслаўе". Удзельнік навуковых міжнародных канферэнцый.
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў "Летуценні Язэпа Драздовіча (1998, "Тэлефільм", рэжысёр С. Агеенка), "Месяц свеціць ясна" – пра творчасць наіўных мастакоў Беларусі (2005, Белвідэацэнтр, рэжысёр С. Агеенка).
Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх фестываляў, пленэраў і выстаў. Сярод якіх больш значныя:
- выстава "ДАХ-13" (Берлін, 2010);
- персанальная выстава "Рух" (Мінск, 2010);
- фестываль “Фестнааів" (Масква, 2007, 2010);
- пленэр імя Я.Драздовіча (Расоншчына, 2009);
- выстава “Мартаўскія каты.” (Мінск, 2009);
- нацыянальныя выставы інсітнага мастацтва (Віцебск, 2000, 2008);
- біеналі інсітнага мастацтва. (Ягодзіна, 2001, 2003) і інш.

160