Куточкі маёй Радзімы


Увазе наведвальнікаў прапаноўваецца арыгінальная персанальная выстава прац выбітнага беларускага мастака Віктара Кірылавіча Барабанцава. У ёй цудоўным чынам абыграныя заслаўскія матывы - матывы легендаў, непаўторнай і глыбокай гісторыі Заслаўя. Віктар Барабанцаў, даўно знаёмы з горадам Ізяслава і Рагнеды, прасякнуўся атмасферай гэтай незвычайная мясціны і прысвяціў ёй шэраг сваіх карцін у розныя гады. Пэндзаль мастака-рэаліста вельмі дакладны і, у той жа час, пяшчотны ў перадачы жывых краявідаў, іх духоўнага напаўнення, сучаснасці, прасякнутай гісторыяй і традыцыямі. Дасканаласць кампазіцый дае магчымасць успрымаць фрагменты краявідаў у якасці самастойных і завершаных твораў, сузіраць задуму аўтара ў дэталях. Найбольшая колькасць прадстаўленых на выставе карцін прысвечаная Заслаўю, але пабачыць тут можна таксама і працы, на якіх адлюстраваныя Гомель і Жодзішкі.
Завітвайце, калі ласка, у музейна-выставачны комплекс нашага музея-запаведніка (вул. Рынкавая, 4), каб пачуць чароўную песню дзівосных сваёй гісторыяй і прыродай куточкаў нашай Радзімы - песню, якая гучыць алейнымі фарбамі на халсце.

На выяве: фрагмент карціны Віктара Барабанцава "Каляды ў Заслаўі", палатно, алей, 2015 г.

397