Выстава “Этюды древнего Заславля” мастака Віктара Данілава


Неаднойчы працы мастака Віктара Мікалаевіча Данілава выстаўляліся ў музеі-запаведніку, таму мы добра знаёмыя з яго творчасцю. Спадар Віктар заўжды дапамагае музею-запаведніку ў самых разнастайных мерапрыемствах, расквечвае іх сваімі цудоўнымі работамі, майстар-класамі і добрым настроем. Віктар Мікалаевіч не проста мастак, але мастак-педагог – ён ужо некалькі дзесяцігоддзяў вучыць дзяцей маляванню, мае шмат паспяховых і ўдзячных вучняў, якія жывуць у розных гарадах свету. Для музея-запаведніка асабліва цікавай з'яўляецца яго “Заслаўская” тэматыка творчасці – краявіды Заслаўя і яго ваколіцы, на якіх помнікі архітэктуры выяўлены ў еднасці з хараством прыроды. Упэўненыя, што не менш цікавай гэтая тэматыка з'яўляецца і для заслаўчан, якія ўспрымаюць гэта як роднае ды знаёмае, і для гасцей горада, якія знаёмяцца з ім праз чараўство мастацтва.

Цяперашняя выстава “Этюды древнего Заславля”, якая будзе дзейнічаць у музейна-выставачным комплексе музея-запаведніка (г. Заслаўе, вул. Рынкавая, 4) з 12 жніўня да 7 верасня, – незвычайная, бо яна, апрача сваёй асаблівай тэматычнасці, яшчэ і юбілейная: 13 жніўня Віктару Мікалаевічу Данілаву спаўняецца 75 гадоў – немалы шлях дарогі дасягненняў і адкрыццяў, які варта адзначыць і асэнсаваць. Апрача таго, гэтая выстава паспрыяе ў справе правядзення IV Міжнароднага мастацкага пленэра “Заслаўскі Спас”, бо ўрачыстае яе адкрыццё ўключана ў праграму пленэра і мае адбыцца 18 жніўня а 14.30.

Калектыў музея-запаведніка шчыра віншуе Віктара Данілава з юбілеем, зычыць здароўя, поспехаў, натхнення, шмат удалых работ і добрых вучняў мець хадой дзён! Завітвайце, калі ласка, на выставу, а таксама на розныя мерапрыемствы IV Міжнароднага мастацкага пленэра “Заслаўскі Спас”, які адбудзецца ў Заслаўі 18-19 жніўня – мае быць незвычайна!

428