«Нечаканая Беларусь» — фотаработы Сяргея Плыткевіча


Мастак, які працуе з фотакамерай, – гэта часта не меншы мастак, чым мастак, які працуе з пэндзлямі і фарбамі. Фотамастак – майстра, што знаходзіцца ў бесперапынным пошуку, шукае непаўторныя вобразы і формы сваім аб'ектывам, ловіць святло, сядзіць у “засадзе” гадзінамі, каб зрабіць непаўторныя кадры з насельнікамі жывой прыроды – звярамі і птушкамі, і, калі яны атрымліваюцца, то стаюць сапраўднымі шэдэўрамі, здатнымі здзіўляць і прыцягваць увагу шырокай аўдыторыі. Сярод фотамастакоў, як і сярод мастакоў, што працуюць за эцюднікамі, маюцца свае класікі, так бы мовіць, майстры, выбітныя творцы, пра якіх ведаюць вельмі многія людзі, шануюць іх талент, здольнасці і адметныя вынікі адлюстравання іх генія ў аўтарскіх работах. Да такіх майстроў-класікаў, без перабольшванняў і дакладна, можна аднесці творцу Сяргея Плыткевіча, які сваімі фотаработамі здзіўляў не толькі Беларусь, але і ўвесь свет.

У музейна-выставачным комплексе нашага музея-запаведніка дзейнічае аўтарская выстава фотамайстры Сяргея Плыткевіча пад назвай “Нечаканая Беларусь”. Наведваць яе можна будзе з 18 сакавіка да 12 красавіка, з 9.00 да 17.30, усе дні, апрача панядзелка. Таксама нагадваем аб тым, што першы аўторак месяца з'яўляецца бясплатным для наведвання аб'ектаў музея-запаведніка: Вы можаце завітаць менавіта ў такі дзень і пабачыць новую выставу бясплатна.

Не прамініце пабачыць нашу Беларусь дзівоснай і прывабнай, такою, якою яна ёсць. Дзякуючы прафесійнаму бачанню фотамастака, мы бачым тое, што было нашаму воку недаступна, схавана ад яго. “Нечаканая Беларусь” адкрывае роднае па-новаму, незвычайным чынам. Сярод фотаработ прадстаўлены як прыродныя краявіды, так і створаныя чалавекам ландшафты. Запрашаем рабіць адкрыцці разам з Сяргеем Плыткевічам і гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Заслаўе”!

241