Выстава «Асоба», з адметным стылем шляхетнай гаворкі!


Ці звяртаем мы ўвагу на тое, як размаўляем, якія словы і формы звароту выкарыстоўваем? Ці прытрымліваемся культуры прыгожага маўлення? У ранейшыя часы гэтай справе надавалася вялікая ўвага. Лісты дзеячоў гісторыі, культуры і мастацтва XVIII-XIX стст. з’яўляюцца прыкладам прыгожага маўлення даўняга часу, які натхніў Анастасію Балыш і яе аднадумцаў на праект “Шляхетная гаворка”, звязаны са зваротам увагі на пашырэнне памяці аб выбітных асобах беларускай мінуўшчыны, а таксама – з пашырэннем прыгожага маўлення, якое было для іх уласцівым.

На выставе “Асоба”, галоўным чынам, увазе наведвальнікаў прадстаўлены карціны (партрэты выбітных дзеячоў), непасрэдна звязаныя са згаданым вышэй праектам, а таксама – некаторыя іншыя работы, але ўсё той жа тэматыкі (персаналіі), аўтарства мастачкі Анастасіі Балыш. Стваральнікі праекта “Шляхетная гаворка”, разумеючы, што зараз значная частка стасункаў людзей канцэнтруецца ў мэсэджэрах, распрацавалі адмысловыя сцікерпакі шляхетнай або прыгожай гаворкі, якія можна выкарыстоўваць у вайберы і тэлеграме ў штодзённых размовах. А асобы на іх самыя розныя: тут Вы пабачыце Напалеона Орду, Міхала Клеафаса Агінскага, Енджэя Снядэцкага і іншыя. Спампаваць сцікерпакі можна бясплатна, qr-коды для гэтага Вы знойдзеце як непасрэдна на выставе (ўсе цалкам), так і ў дадатковых выявах тут (іх частку).

Апрача таго, нельга не адзначыць, што дадзеная выстава з'яўляецца прысвячэннем 245-годдзю ад дня нараджэння Яна Барэйкі Ходзькі - паэта, пісьменніка, драматурга, грамадскага дзеяча, які пабачыў свет у беларускім (тады - Вялікае Княства Літоўскае) мястэчку Крывічы ў далёкім 1777 г. Пазней, праз гады, ён жыў у ваколіцы Заслаўя, а пахаваны быў пры заслаўскім касцёле, асвечаным у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Шчыра запрашаем шаноўнае спадарства наведаць выставу, судакрануцца з персаналіямі беларускай гісторыі, натхніцца іх прыкладам выкарыстання прыгожага маўлення ў штодзённасці! Чакаем Вас па такім адрасе: вул. Рынкавая, 4 (музейна-выставачны комплекс), г. Заслаўе.

431