Музей беларускай маляванкі

Музей беларускай маляванкі ў Заслаўі адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 18 мая 2023 года. Знаходзіцца ён па адрасе: вул. Дачная, 13. У дадзеным новым аб'екце музея-запаведніка выстаўляюцца "маляванкі" - традыцыйныя беларускія дываны, распісаныя фарбамі. Менавіта тут знайшла сабе новае ўвасабленне калекцыя маляваных дываноў Заслаўскага музея-запаведніка, якая з'яўляецца, на дадзены момант, найбагацейшай у Беларусі. Пачэснае месца ў залах пастаяннай экспазіцыі займаюць арыгінальныя дываны Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, у зале часовай экспазіцыі - дываны Фёдара Сухавілы, Іпаліта Ворсы, Ніканора Зосіка і іншых вядомых і невядомых нам аўтараў. "Маляванкі" памятныя многім людзям з дзяцінства, бо віселі на сценах у простых сялянскіх хатах, упрыгожваючы іх сціплыя інтэр'еры, у тых хатах, дзе жылі бабулі і дзядулі, дзе спазнавалі свет і раслі іх унукі. Дадзены від народнай творчасці пакінуў заўважны след у гісторыі і культуры нашай краіны, таму мае належным чынам захоўвацца і адкрывацца перад шырокім колам зацікаўленай грамадскасці. Ідэя стварэння Музея беларускай маляванкі належала былому супрацоўніку Заслаўскага музея-запаведніка Юрыю Малашу, які вельмі шмат зрабіў для тэарэтычнай распрацоўкі дадзенай тэмы, а таксама - для папаўнення музейнай калекцыі дываноў-маляванак у межах экспедыцыйнай дзейнасці. Уласна Музей размешчаны ў будынку з вялікай гісторыяй: у XVIII-XIX стст. тут размяшчаўся флігель (магчыма, эрмітаж) сядзібы паноў Пшаздзецкіх, пазней - 88-я артылерыйска-зброевыя майстэрні войск НКВД, школа, Дом дзіцячай творчасці... Цяпер тут Музей беларускай маляванкі, які ніколі не пакіне абыякавымі гасцей, што маюць інтарэс да традыцый наіўнага народнага мастацтва.